ДЫПЛАКО́КАВАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, дыплакокавая септыцэмія,

інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца ланцэтападобным дыплакокам (Diplococcus septicus). Хварэюць цяляты, ягняты, парасяты, жарабяты, часцей ва ўзросце ад 15 сутак да 2,5 месяцаў. У маладняку працякае са з’явамі пнеўманіі, сепсісу і запалення суставаў, у дарослых жывёл — у форме пасляродавых эндаметрытаў і мастытаў. Заражэнне адбываецца пераважна праз інфіцыраванае малако маці, рэспіраторным шляхам. Пашырана ўсюды, бываюць групавыя ўспышкі (энзаотыі).

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)